ІБН БАТУ́ТА (Абу Абдалах Мухамед ібн Абдалах аль-Лаваці ат-Танджы) (24.2.1304, г. Танжэр, Марока — 1377),
арабскі падарожнік, купец. У 1325—49 вандраваў па Егіпце, Аравіі, Іране, Месапатаміі, Сірыі, М. Азіі, Крыме і паўд. абласцях Расіі, некалькі гадоў пражыў у Індыі, потым наведаў Інданезію і Кітай. Паміж 1349 і 1352 пабываў у мусульм. Іспаніі, у 1352—53 падарожнічаў па Зах. і Цэнтр. Судане. За 30 гадоў прайшоў шлях амаль у 120 тыс. км, пабываў ва ўсіх мусульм. краінах. Апісаў свае падарожжы з указаннем звестак аб прыродзе, грамадскім жыцці і гісторыі краін. Яго твор перакладзены на шматлікія мовы і лічыцца адным з шэдэўраў араб. літаратуры.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)